1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

План дзейнасці Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі

6 января 2009 г.

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вызначылі тры асноўныя накірункі дзейнасці на бягучы год. Адной з галоўных мэтаў ёсць сацыяльная абарона насельніцтва ва ўмовах эканамічнага крызіса і дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

https://p.dw.com/p/GT9k
Ва ўмовах эканамічнага крызісу накірункі дзейнасці беларускай апазіцыі і ўлады па сацыяльнай абароне насельніцтва супадаюцьФото: picture-alliance/ dpa/dpaweb

Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС) акрэслілі тры асноўныя накірункі дзейнасці на 2009 год. Адным з галоўных напрамкаў з’яўляецца сацыяльная абарона насельніцтва ва ўмовах эканамічнага крызіса і раптоўнай моцнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

Па словах дзейнага старшыні Прэзідыума палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоля Лябедзькі, АДС у бягучым годзе будуць дзейнічаць у фармаце трох асноўных кампаній – сацыяльнай, правоў СМІ і правоў чалавека, а таксама кампаніі "Пазітыўная альтэрнатыва для Беларусі і яе грамадзян", у якую ўваходзіць і падкампанія "Права выбара для людзей". У рамках гэтай падкампаніі ўжо створаная ініцыятыўная група, якая складаецца з васьмісот чалавек, што будуць займацца зборам подпісаў пад зваротам да ўладаў унесці змены ў дзейнае выбарчае заканадаўства.

Маніторынг пераменаў

Па словах Анатоля Лябедзькі, АДС будуць займацца фіксаваннем зменаў, якія адбываюцца ў краіне, і да сярэдзіны лютага маюць намер падрыхтаваць маніторынг і давесці яго як да грамадзян Беларусі, так і да міжнародных арганізацый і міжнароднай супольнасці.

Як адзначыў першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, "заканадаўчыя змены, якія будуць дасягнутыя цягам тэставага перыяду, а не будуць толькі паабяцаныя, - тыя, што будуць зробленыя, і дадуць нам падставу гаварыць пра рэальныя памкненні ўлады нешта змяніць у Беларусі, прычым незваротна і з гарантыямі".

Паводле Вінцука Вячоркі, АДС маюць намер працягваць кантакты з дэлегацыямі еўрапейскіх структур, якія цягам бліжэйшага часу прыедуць у Беларусь. Перад усім гэта дэлегацыя Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, якая прыбудзе ў Мінск ужо 17 лютага, а таксама дэлегацыя Еўрапарламента і іншых еўрапейскіх структур, што да красавіка наведаюць краіну.

Сацыяльны аспект

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін адзначыў неабходнасць працягу спробаў далейшага дыялогу з уладамі. Па словах Калякіна, дзякуючы такому непрамому дыялогу пры дапамозе міжнародных пасярэднікаў летась і былі вызвалены палітвязні, дапушчаны ў шапікі некаторыя незалежныя выданні, зарэгістраваны Рух "За свабоду".

Апроч таго, адзначыў кіраўнік ПКБ, стрыжнем працы АДС у бягучым годзе будзе дзейнасць па абароне сацыяльных і эканамічных правоў грамадзян. "Сёння ўлада ліхаманкава спрабуе вырашыць праблемы і вырашыць іх за кошт таго, што людзей папросту рабуюць", - падкрэсліў Калякін. Па словах палітыка, ужо сёння адбылося ўдаражэнне практычна ўсіх імпартных тавараў, што прадаюцца ў Беларусі, а заробкі практычна не падвысіліся. Да таго ж, людзей хвалюе, ці будзе ў іх у наступным месяцы праца, за якую яны атрымаюць грошы.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка падкрэсліў: "Мы не абаронім незалежнасць і не знойдзем рэальнага выйсця з эканамічнага крызісу, не разняволіўшы людзей, не разняволіўшы краіну, не зрабіўшы краіну, яе грамадства і эканоміку сапраўды свабоднай".

Абараніць незалежнасць

Каардынатар Руху "За свабоду" Віктар Карняенка выказаў упэўненасць, што "ні адна палітычная структура ў Беларусі не чакае і не цешыцца тым, што пад абломкамі нашай дзяржавы загіне дыктатура". На думку Карняенкі, пагроза незалежнасці краіны на сёння існуе, і з крызісам яна павышаецца. "Нам таксама трэба быць абачлівымі ў нашых палітычных вызначэннях і зважаць на гэты фактар", - лічыць палітык.

Па словах палітолага Валерыя Карбалевіча, сёння Беларусь уступае ў этап сур’ёзнага крызісу, эканамічных і сацыяльных катаклізмаў. З меркавання эксперта, беларускія ўлады паказалі, што выпрабаванне крызісам тая эканамічная мадэль, якая створана ў Беларусі, не вытрымала. Таму, на думку эксперта, апазіцыя павінна паставіць пытанне рубам: трэба мяняць эканамічную мадэль і ставіць людзей, якія маглі б ажыццявіць станоўчыя змены. "Трэба стаць на абарону незалежнасці, бо абсалютна невядома, што заклаў Лукашэнка ў абмен на тыя крэдыты, якія павінны выратаваць беларускую эканоміку. Вось асноўныя дзве задачы", - адзначыў Валеры Карбалевіч.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме