Ханс-Герт Петэрынг: “Людзі ў Беларусі маюць права на свабоду”
25 апреля 2008 г.У сваім звароце да студэнтаў Ханс-Герт Петэрынг неаднаразова адзначаў, што лічыць беларусаў такімі ж “еўрапейцамі, як і ўсе мы”. Прэзідэнт Еўрапарламента прыгадаў свой візіт у Беларусь, у прыватнасці, Віцебск і музей Марка Шагала, і падкрэсліў, што “гэта ўсё Еўропа”.
Таксама Петэрынг выказаў надзею, што калі-небудзь Беларусь увойдзе ў склад Еўразвязу. “Але наўрад ці гэта адбудзецца пры мне, - заўважыў Петэрынг. - Вы, маладыя, будзеце сведкамі гэтай падзеі”. Перашкодай для ўваходжання ў ЕС Петэрынг назваў той факт, што Беларусь застаецца апошняй дыктатурай у Еўропе: “Толькі пасля сыходу дыктатуры мы будзем пакрокава размаўляць пра магчымасць уваходжання Беларусі ў ЕС”.
У сваю чаргу рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў выказаў падзяку высокім еўрапейскім гасцям за падтрымку універсітэта і дапамогу ў падрыхтоўцы новай генерацыі беларусаў, якія разумеюць неабходнасць прасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцей.
Прэзідэнт Еўрапарламента патлумачыў, што Еўразвязу, які налічвае ўжо 27 краінаў і 500 мільёнаў жыхароў, неабходны час, каб кансалідавацца ў цяперашнім складзе. І гэта ёсць на сёння “прыярытэт з прыярытэтаў”. Але ва ўсялякім выпадку, запэўніў Петэрынг, застаецца палітыка дабрасуседства, і Еўразвяз зацікаўлены ў захаванні правоў чалавека не толькі ў краінах-сябрах ЕС: “Дыктатар Лукашэнка не для ХХІ стагоддзя. Людзі ў Беларусі маюць права на свабоду. Мы, Еўрапейскі парламент, будзем падтрымліваць народ Беларусі”.
Петэрынг параіў беларусам самім праяўляць ініцыятыву і ўносіць у еўрапейскія структуры канкрэтныя прапановы.
Студэнты ЕГУ выкарысталі унікальную магчымасць і прапанавалі знізіць кошт шэнгенскіх візаў для маладых беларусаў. Пад гучныя воплескі перапоўненай лекцыйнай аўдыторыі Петэрынг абяцаў заняцца гэтым пытаннем. Акрамя таго, адразу ў залі Петэрынг запланаваў у сваім бюджэце магчымасць прыезду ў Брусель групы беларускіх студэнтаў з тым, каб яны непасрэдна распавялі еўрапейскім чыноўнікам пра сітуацыю ў Беларусі.
Варта дадаць, што сустрэча мела паўафіцыйны фармат, Петэрынг жартаваў са студэнтамі. Пры гэтым размова адбывалася выключна на англійскай мове, аднак было заўважна, што навучэнцы ЕГУ і еўрачыноўнікі добра разумеюць адзін аднога без перакладу.