У Курапатах зноў арудавалі вандалы
29 октября 2008 г.Актывісты моладзевых дэмакратычных арганізацыяў, якія напярэдадні наведалі ўрочышча, убачылі там вырваныя з зямлі ды зламаныя памятныя крыжы на месцах пахавянняў. Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў Курапатах знішчаюцца крыжы, больш за дзесяць разоў невядомыя ламалі "лаўку Клінтана", усталяваную ва ўрочышчы тагачасным прэзідэнтам ЗША пад час яго афіцыйнага візіту ў Беларусь на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Аднак за ўвесь час праваахоўныя органы ні разу не ўстанавілі асобы вандалаў.
Як сказаў у інтэрв’ю Deutsche Welle кіраўнік секцыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык, можна выказаць толькі абурэнне фактам вандалізму ў Курапатах. "Чамусці ў сённяшніх уладаў не хапае ні часу, ні сілаў, ні грошай, ні жадання выявіць хоць аднаго вандала, што знішчаюць крыжы ў Курапатах. Я думаю, што гэта ўсё невыпадкова".
29 кастрычніка а 15-й гадзіне ў Курапатах мае адбыцца акцыя памяці ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, прыўрочаная да 71-й гадавіны піку сталінскіх рэпрэсіяў. Ноччу 29 кастрычніка 1937 году ў турме НКВД у Мінску былі расстраляныя больш за сто выбітных дзеячоў беларускай культуры, сярод якіх былі Тодар Кляшторны, Ізі Харык і іншыя літаратары, мастакі, прадстаўнікі творчае інтэлігенцыі. (гк)