1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"У Беларусі ёсць адна вялікая бяда, якая пачынаецца на літару “Л”

4 июня 2007 г.

Журналістыка ў большасці постсавецкіх краінаў мае прыблізна аднолькавыя тэндэнцыі развіцця. Сярод іх узаемадзеянне ўлады і журналістаў і раздзяржаўленне сродкаў масавай інфармацыі.

https://p.dw.com/p/AoCU

Украінскія журналісты скардзяцца, што пытанне незалежнасці СМІ застаецца надзвычай актуальным. Пасля “памеранчавай рэвалюцыі” свабоды слова ва Украіне пабольшала, але цяпер журналісты мусяць быць лаяльнымі датычна тых, ад каго залежыць іх заробак.

У Кіеве, да прыкладу, большая частка СМІ належыць розным фінансава-палітычным групоўкам. Дабрабыт супрацоўнікаў рэгіянальных газет таксама залежыць ад заснавальнікаў выданняў: мясцовых уладаў ці прыватных асобаў.

Юры Ісаеў, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі “Незалежных рэгіянальных выдаўцоў Украіны”, распавядае, што

“Незалежныя СМІ Украіны сёння – гэта вялікая частка СМІ, але незалежныя яны досыць умоўна. Свабоды слова стала больш, але ўсё роўна стаўленне ўлады ў рэгіёнах практычна не змянілася. І рэдактар газеты ў Данецку, дзе кіруюць “бела-сінія”, і рэдактар газеты ў Івана-Франкоўску, дзе “памеранчавыя”, адчуваюць сябе аднолькава кепска”.

Надзённым ва Украіне застаецца пытанне змяншэння колькасці СМІ, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту. Падобна на тое, што пакуль нашы суседзі не гатовыя цалкам адмовіцца ад прадзяржаўных выданняў. Прынамсі, Антон Шчагельскі, кіеўскі журналіст з 40-гадовым прафесійным стажам, эмацыйна зазначае:

“Кожная дзяржава, якая толькі што нарадзілася, мусіць мець дзяржауныя сродкі масавай інфармацыі. Пазбавіць дзяржаву дзяржаўнага тэлебачання, радыё і газет – гэта найбольшая дурасць, пра якую толькі можна марыць той, хто хоча пахаваць гэтую дзяржаву ў зародку”.

Зоя Лебедзь, прадстаўніца недзяржаўнай газеты “Украіна молода”, таксама лічыць, што

“мусіць быць і дзяржаўная, і недзяржаўная прэса. Толькі колькасць дзяржаўных выданняў мусіць зменшыцца. Бо ва Ўкраіне ў кожнай вобласці колькі раёнаў, столькі афіцыйных СМІ, плюс гарадзкая і абласная газеты. Гэта зашмат для дзяржавы столькі фінансаваць газет. Добра было б, каб у рэгіёне была адна дзяржаўная газета, тады б гэта была нармальная канкурэнцыя для прыватных выданняў”.

Беларускія незалежныя журналісты, для якіх асноўнай праблемай застаецца адсутнасць свабоды слова, па-свойму зайздросцяць украінскім калегам. Гаворыць Уладзімір Вербавікоў, рэдактар незалежнай газеты “Вольны час”, якая калісьці выдавалася ў Гомелі:

“Ва украінскіх сяброў ёсць праблемы, але іхнія праблемы ў параўнанні з беларускімі канешне не тыя. Я зайздрошчу Украіне, яна заўсёды была больш свабодная, нават пры Кучме, а зараз тым больш”.

Украінцы ў сваю чаргу супакойваюць суседзяў тым, што становішча беларускай журналістыкі палепшыцца разам з пацяпленьнем палітычнага клімату ў рэспубліцы. Паводле журналіста Юрыя Ісаева,

“у Беларусі ёсць адна вялікая бяда, якая пачынаецца на літару “Л”. А беларускія журналісты зусім не адрозніваюцца ад украінскіх, польскіх ці рускіх. У вас усё будзе добра, калі зменіцца вядомая праблема на літару “Л”.