1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Супрацоўніцтва Беларусь-Еўразвяз магчымае на падставе еўрапейскіх каштоўнасцяў

22 февраля 2009 г.

Умацоўваць адносіны з Беларуссю, падтрымлівая дэмакратычныя змены, – такой мусіць быць сёння палітыка ЕЗ у дачыненні Беларусі паводле чальцоў дэлегацыі Еўрапарламента, якая наведала Мінск з аднадзённым візітам.

https://p.dw.com/p/GzEx
Фота з архівуФото: AP

У складзе дэлегацыі Еўрапарламента Мінск з аднадзённым візітам наведалі Крыстафер Бізлі з Вялікабрытаніі, Лайма Андрыкене з Літвы і прадстаўнік Польшчы Яцэк Пратасевіч. Дэлегацыя сустрэлася з супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення Еўропы беларускага МЗС Дзмітрыем Ярмалюком і Ўладзімірам Серпікавым, прадстаўнікамі апазіцыі, няўрадавых арганізацыяў, журналістамі.

На пытанне карэспандэнта Deutsche Welle, ці звярталіся еўрапарламентарыі з просьбай арганізаваць сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі і міністрам замежных справаў, Крыстафер Бізлі адказаў: "Мы спрабавалі арганізаваць візіт парламентарыяў на больш высокім узроўні, мы звярталіся з такім запытам".

Еўрапейскі тыдзень ў Беларусі

Мы прадстаўляем найвялікшую палітычную групу ў ЕП – еўрапейскую народную партыю "Еўрапейскія дэмакраты", у якую ўваходзяць прадстаўнікі усіх 27 краін ЕЗ, - зазначыла Лайма Андрыкене. Паводле прадстаўнічкі Еўрапарламента, візіт ў Мінск – гэта місія па знаходжанні фактаў, па якой дэлегаты будуць рабіць справаздачу ў шэрагу камітэтаў, а потым у ЕП. Яна нагадала, што ў сярэдзіне красавіка будзе прымацца рашэнне, ці прыпыняць візавыя санкцыі ў адносінах да беларускага кіраўніцтва, ці іх аднаўляць.

"Еўрапейскі тыдзень", які адбыўся ў Беларусі, не зводзіцца толькі да візіту спадара Саланы, альбо да візіту нашай дэлегацыі, ён улучае таксама падзеі 14 і 16 лютага"; - узгадвае Лайма Андрыкене пра жорсцкі разгон у гэтыя дні мірных акцый апазіцыі. Дэпутатка ЕП дарэчы прадэманстравала добрае веданне сітуацыі, назваўшы, напрыклад, дакладную кольскасць беларускіх медыяў, якія дагэтуль не маюць магчымасці распаўсюджвацца праз дзяржаўныя "Белсаюздрук" і "Белпошту".

Па словах старшыні дэлегацыі Еўрапарламента па стасунках з Беларуссю Пратасевіча, калі нават адна краіна Еўразвязу з 27 вырашыць, што не трэба прыпыняць санкцыі, то яны не будуць прыпыненыя. Няма сумневу, што на сеняшні дзень немагчыма сказаць, што сярод 27 краінаў няма такіх, якія лічаць, што сітуацыя ў Беларусі адназначна ідзе да лепшага. Ёсць шэраг краінаў, якія вагаюцца. Гэта значыць, што голас ЕП, які будзе прымаць сваю рэзалюцыю за два тыдні перад рашэннем міністраў замежных справаў, будзе вельмі важным”.

Крытэрыі ацэнкі зменаў цалкам вядомыя

Wahlen Weißrussland Reaktionen in Minsk
Фота з архівуФото: AP

Наўмысна пазбягая слова "умовы", Яцэк Пратасевіч нагадвае шэраг сфераў, у якіх можна рэальна ацаніць змены: "У Беларусі не павінна быць палітычных вязняў; патрэбныя змены ў выбарчым заканадаўстве, якія прывялі б да дэмакратычных выбараў, а таксама скасаванне шэрагу артыкулаў, што не адпавядаюць міжнародным стандартам; у Крымінальным заканадаўстве, свабода СМІ і свабода дзейнасці для палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў". Да гэтага Крыстафер Бізлі дадаў таксама пункт пра прыпыненне высылкі з краіны святароў.

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Бізлі канстатуе, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу Беларусь шукае больш гарманічных дачыненняў з ЕЗ, а Еўразвяз, у сваю чаргу, хоча больш гарманічных стасункаў з Беларуссю. Ён падкрэсліў: "Мы хочам развіваць як мага больш кантактаў з грамадзянамі Беларусі праз адукацыйныя праграмы для студэнтаў, прафесіяналаў, увогуле для беларускай грамадзянскай супольнасці. Жыць за бар’ерамі, агароджамі альбо іншымі абмежаваннямі ня ёсць у чымсці інтарэсе".

Крыстафер Бізлі лічыць, што для пабудовы больш канструктыўных стасункаў паміж ЕЗ і Беларуссю неабходна, каб дзейнічалі прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. Адказваючы на пытанні журналістаў, Крыстафер Бізлі зазначыў, што становішча ў галіне свабоды СМІ – гэта тое, на што будуць зважаць увагу еўрадэпутаты.

"Дапамажыце знайсці аругументы "за"

Яцэк Пратасевіч зазначыў, што прадстаўнікі Польшчы і Літвы – "вашы людзі ў Еўрапарламенце". Як суседзі Беларусі яны намагаюцца паляпшэння стасункаў Беларусь - ЕЗ. Ад красавіцкага рашэння па пытанню візавых абмежаванняў у дачыненні да высокіх беларускіх службоўцаў будзе залежыць і магчымасць удзелу Беларусі у праграме "Усходняе партнёрства" і вырашэнне пытання наконт кошту шэнгенскіх віз для беларусаў.

"Дапамажыце нам знайсці аргументы "за" і мы з задавальненнем паставім іх у сваю справаздачу", з такім заклікам выступілі Лайма Андрыкене і Яцэк Пратасевіч.

"Мы разумем, - зазначае Крыстафер Бізлі, - што прэзідэнт Беларусі адхіляе ідэю любых папярэдніх умоваў, але мы нясем адказнасць перад нашай уласнай грамадскасцю і перад грамадскасцю Беларусі. Гэта азначае, што сітуацыя павінна змяніцца да лепшага не толькі у плане аказання фінансавай падтрымкі краіны, а ў тым, каб адбываліся зрухі ў бок больш адкрытага дэмакратычнага грамадства, заснаванага на верхавенстве закона і правах чалавека”

Алена Данейка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще