Прысуд яшчэ тром актывістам – пасля 17-й гадзіны
27 мая 2008 г.27 траўня у 10.25 распачаліся судовыя спрэчкі. Выступаючы з прамоваю, дзяржаўны абвінаваўца Лук’янаў прапанаваў выключыць з абвінавачаньня пункт аб перашкодах працы прадпрыемстваў, арганізацыяў і установаў, бо яшчэ напярэдадні кіраўнікі ГУМа, універсаму “Цэнтральны” і крамы “Лакамка” заявілі, што іхныя гандлёвыя прадпрыемствы не выстаўляюць ніякіх патрабаванняў да ўдзельнікаў студзеньскае акцыі. Але па астатніх пунктах папрасіў прызнаць усіх трох вінаватымі ў парушэнні часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і прысудзіць усіх трох маладзёнаў да двух гадоў абмежавання волі па месцы жыхарства.
Пракурор нават не прыняў да ўвагі той факт, што абвінавачаны Максім Дашук з’яўляецца непаўнагадовым.
Адкаваты Сямешка, Сапелка і Барніч заявілі, што ні відэаматэр’яламі, прадэманстраванымі падчас судовага следства, ні іншымі дакументамі віна іх падабаронных не даказаная. Абаронцы таксама патрабавалі прызнаць фота- і відэаматэр’ялы нікчэмнымі, бо іх афармленне і прадастаўленне ў суд адбылося з істотнымі парушэннямі дзейнага заканадаўства. Прытым, з чатырох гадзінаў відэазапісаў Міхаіл Субач альбо асоба, падобная на яго, толькі двойчы была заўважаная на стужцы, таксама толькі па некалькі разоў “мільганулі” на здымках і астатнія два фігуранты справы.
Адвакаты таксама звярнулі ўвагу суддзі на тое, што практычна ніводзін з сведкаў-міліцыянтаў, апроч намесніка начальніка мінскай ДАІ Падбярозкіна, нічога не паказаў супраць абвінавачаных.
Максім Дашук адмовіўся выступаць з апошнім словам. А Міхаіл Субач заявіў, што сам да апошняга часу быў індывідуальным прадпрымальнікам, таму ягоны ўдзел у акцыі 10-га студзеня разам з жонкай і маці - таксама прадпрымальніцай абсалютна лагічны. Да таго ж, Субач паведаміў, што з’яўляецца законапаслухмяным грамадзянінам і як прадпрымальнік сплаціў за мінулы год больш за 3 мільёны рублёў падаткаў і выплатаў у фонд сацыяльнае абароны.
Павал Вінаградаў падкрэсліў, што 10 студзеня ён выйшаў на акцыю ў знак салідарнасці не толькі з прадпрымальнікамі, але і з ўсімі грамадзянамі, бо наступствы 760-га Указа прэзідэнта правакуюць падвышэнне коштаў для ўсіх спажыўцоў. Апроч таго, Вінаградаў нагадаў, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе грамадзянам права на сходы і мітынгі.
Выслухаўшы ўсе бакі, суддзя Валеры Есьман абвесціў перапынак для напісання прысуду, які будзе агалошаны пасля 17-й гадзіны.