Прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі будзе працаваць па закону
9 января 2009 г.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон "Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскай камісіяй аб заснаванні, прывілеях і імунітэтах прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь", прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў снежні 2008 года. Само пагадненне было падпісана ў Бруселі летась 7 сакавіка.
Працяг дыялогу
Як адзначыў у інтэрвь’ю Deutsche Welle беларускі палітолаг Валеры Карбалевіч, гэткім чынам вырашаны важны тэхнічны момант будучай дзейнасці Еўракамісіі ў Беларусі. Па словах эксперта, падпісанне кіраўніком дзяржавы названага закона сведчыць пра тое, што Беларусь імкнецца працягваць дыялог з Еўрапейскім Саюзам, які пачаўся ў мінулым годзе. "Гэта вельмі важна і прынцыпова для беларускіх уладаў", - лічыць Валеры Карбалевіч.
Палітолаг выказаў неразуменне, чаму Еўрапейская камісія не імкнецца адкрыць у Мінску сваё паўнавартаснае прадстаўніцтва, а застаецца на ўзроўні часовага паверанага. "Чаму амбасадар застаецца ў Кіеве, а прадстаўніцтва не распачынае насамрэч сур’ёзную дзейнасць і не пераўтвараецца ў паўнавартасную і самую ўплывовую дыпламатычную місію ў Беларусі, сыходзячы з свайго статуса?" – задаецца пытаннем Карбалевіч.
З меркавання аналітыка, відаць, сёння Еўрасаюз яшчэ пакуль не надае Беларусі вялікага значэння, альбо гэтаму перашкаджаюць пэўныя бюракаратычныя механізмы, якія існуюць у еўрапейскіх структурах.
Станоўчы крок
"Тым не менш, гэта, безумоўна, вельмі станоўчая з’ява, якая азначае, што працэс развіцця дачыненняў, дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам становіцца інстытуцынальным, то бок, з’яўляюцца інстытуты, якія будуць займацца гэтым працэсам больш шчыльна", - падкрэсліў беларускі палітолаг.
Пагадненне паміж Беларуссю і Еўрапейскай камісіяй аб заснаванні, прывілеях і імунітэтах прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь дае прадстаўніцтву Еўракамісіі і яго супрацоўнікам правы, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах 1961 года для дыпламатычных прадстаўніцтваў, у тым ліку недатыкальнасць памяшканняў, карэспандэнцыі і архіваў, імунітэт ад крымінальнай юрысдыкцыі, падатковыя ільготы. (гк)