1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

14 января 2011 г.

У Беларусі працягваюцца затрыманні, допыты ды канфіскацыі тэхнікі ў незалежных журналістаў. У Рагачове судзяць хрысціянскага дэмакрата. Чарговы ператрус адбыўся ў кватэры Уладзіміра Някляева.

https://p.dw.com/p/zxcV
Молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Працягваюцца выклікі на допыты, затрыманні і суды, а таксама канфіскацыя тэхнікі ў незалежных беларускіх журналістаў. У Рагачове адбываецца суд над актывістам Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Супрацоўнікі КДБ правялі чарговы ператрус у кватэры былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Суд над журналістам

Карэспандэнт польскай Gazety Wyborczej, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Анджэй Пачобут 13 студзеня быў прыгавораны судом Кастрычніцкага раёна Мінска да грашовага штрафу ў памеры 1 мільёну 750 тысяч беларускіх рублёў (каля 440 еўра ў пераліку) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў беларускай сталіцы ўвечары 19 снежня 2010 году. Перад гэтым журналіста выклікалі на допыт у КДБ, дзе адзін з чэкістаў нанёс яму ўдар па тулаве.

Прадстаўнікі польскага консульства, а таксама БАЖ, якія прыехалі ў суд, змаглі трапіць у залу паседжанняў толькі ў перапынку, ужо перад агалошаннем судовага рашэння.

Ператрусы ў журналістаў

Шильда со словом "пресса" в мишени
Незалежныя журналісты застаюцца пад прыцэлам

У той жа дзень адбыўся ператрус у кватэры незалежнай журналісткі Кацярыны Ткачэнка, прычым, гэта адбывалася ў адсутнасць гаспадыні. Пра вобшук паведамілі суседзі. Сама Кацярына ўвечары не здолела патрапіць у кватэру з прычыны пашкоджання замка, таму невядома, ці было што забрана падчас вобшуку. Гэты ператрус быў ужо другім. Падчас першага, што ладзіўся 30 снежня, супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі ноўтбук Кацярыны.

Таксама ў чацвер адбыўся ператрус у мінскай кватэры сястры Ірыны Чарняўка – гарадзенскай журналісткі, якая часова пражывае ў сталіцы Беларусі. Вобшук, які цягнуўся больш за тры гадзіны, праводзілі супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Ён завершыўся канфіскацыяй хатняга стацыянарнага кампутара, а таксама непадпісаных дыскаў. Пасля гэтага Ірыну Чарняўка адвезлі на допыт у КДБ, які таксама доўжыўся каля трох гадзінаў.

Допыты ў КДБ

12 студзеня на допыт у КДБ выклікалі намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца. Яго больш за тры гадзіны дапытвалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў 19 снежня.

На наступны дзень з тае ж прычыны ў КДБ на допыт былі выкліканыя старшыня БАЖ Жанна Літвіна, а таксама намеснік галоўнага рэдактара незалежнай газеты "Народная воля" Марына Коктыш. Усе журналісты былі змушаны даць падпіску аб неразгалошанні. 14 студзеня на допыт выклікана яшчэ адна намесніца старшыні БАЖ Аліна Суравец.

На размовы ў міліцыю

Участники акции протеста 19 декабря на площади Независимости
19 студзеня на плошчы Незалежнасці сабралося больш за 20 тысяч людзейФото: AP

На бягучым тыдні на размову ў Упраўленне ўнутраных справаў Фрунзенскага раёна Мінска мусілі з’явіцца галоўны рэдактар незалежнай газеты "Новы час" Аляксей Кароль і журналістка "Радыё Свабода" Галіна Абакунчык. Справа ў тым, што іх мабільныя тэлефоны былі зафіксаваны ў раёне плошчы Незалежнасці, дзе адбываліся падзеі 19 снежня.

Журналісты патлумачылі, што выконвалі свой прафесійны абавязак па асвятленні грамадска значных падзеяў, якія мелі месца ў цэнтры беларускае сталіцы.

Аднак адным з самых уражвальных фактаў стала тэрміновае спыненне вяшчання прыватнага "Аўтарадыё" толькі з тае прычыны, што на яго хвалі падчас агітацыйнай кампаніі трансляваліся рэкламныя ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава. Хоць гэта было ў адпаведнасці з законам і згодна заключанага пісьмовага гаспадарчага дагавора.

Пераслед актывіста БХД

13 студзеня супрацоўнікі КДБ у Рагачове (Гомельская вобласць) правялі ператрус у актывіста Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніса Дашкевіча, у выніку чаго былі сканфіскаваныя ўсе носьбіты інфармацыі. Пасля вобшуку сябра БХД даставілі ў мясцовае КДБ, дзе дапыталі наконт масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня.

Як паведаміў Дзяніс Дашкевіч, у пакоі, дзе ладзіўся допыт, ляжала шмат носьбітаў інфармацыі, таму можна зрабіць выснову, што гэта быў не першы допыт і ператрус у Рагачове.

Супраць актывіста БХД, паводле прэс-службы партыі, была сфарбыкаваная справа, нібыта 11 снежня ён збіў сына аднаго з чыноўнікаў. Заўважна, што ўпершыню Дзяніса выклікалі па гэтай справе толькі 21 снежня, то бок праз дзесяць дзён пасля меркаванага злачынства, а суд адбываецца толькі 14 студзеня. Трэба адзначыць, што Дзяніс Дашкевіч быў сябрам каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага.

Владимир Некляев
Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Некляеў знаходзіцца ў ізалятары КДБФото: DW

Ператрус у кватэры Някляева

У кватэры экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, 14 студзеня адбыўся чарговы ператрус. Па словах жонкі вязня Вольгі Някляевай, супрацоўнікі КДБ прыйшлі ў той момант, калі яна ўжо накіроўвалася на сустрэчу з амерыканскім сенатарам Рычардам Дурбінам, які зараз знаходзіцца ў беларускай сталіцы.

Як адзначыла Вольга Някляева, ёй прад’явілі пастанову на ператрус, датаваную ажно 3 студзеня. Вобшук працягваўся нядоўга, бо ўсё было забрана яшчэ ў траўні 2010 года – падчас ператрусу, калі прайшла хваля пераследаў актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", лідэрам якой з’яўляецца Уладзімір Някляеў. Тады білі канфіскаваныя ўсе носьбіты інфармацыі і кампутары. У выніку ў пятніцу супрацоўнікі КДБ нічога не знайшлі, а Вольга Някляева не патрапіла на сустрэчу з амерыканскім сенатарам.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме