1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

11 февраля 2011 г.

Праваабаронцы падсумавалі вынікі анкетавання затрыманых падчас і пасля акцыі 19 снежня. Амбасада Расіі ў Беларусі перадала Мядведзеву зварот сваякоў палітвязняў. Мінчука асудзілі нібыта за ўдзел у пікеце.

https://p.dw.com/p/10FkC
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Беларускія ды расійскія праваабаронцы прэзентавалі аналіз анкетавання людзей, затрыманых у Мінску 19 снежня 2010 год. Расійская амбасада ў Беларусі накіравала прэзідэнту Мядведзеву зварот, падпісаны роднымі і блізкімі беларускіх палітычных зняволеных. Жыхара сталіцы асудзілі на адміністратыўны арышт нібыта за ўдзел у пікеце салідарнасці.

Сведчанні затрыманых

Чальцы назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, Фонду развіцця прававых тэхналогіяў, Цэнтру прававой трансфармацыі ды іншых праваабарончых арганізацыяў 9 лютага ў Мінску агучылі вынікі даследвання 205 анкет, якія ўтрымліваюць сведчанні людзей, што былі затрыманыя падчас і пасля масавай акцыі 19 снежня 2010 году.

Як паведаміў сябра місіі, чалец праўлення Міжнароднага "Мемарыялу" грамадзянін Расіі Ігар Сажын, анкеты дабраахвотна запоўнілі 260 затрыманых. Праваабаронцы паспелі апрацаваць 205 анкет, рэспандэнтамі былі грамадзяне ва ўзросце ад 18 да 61 года, сярод якіх – 43 жанчыны і 162 мужчыны.

Игорь Сажин и Елена Тонкачева
Ігар Сажын і Алена ТанкачоваФото: DW

Па словах Ігара Сажына, вынікі анкетавання засведчылі, што найбольш жорстка і найбольш масава прадстаўнікі ўлады прымянялі гвалт і жорсткасць менавіта пры затрыманнях людзей. "Гвалт прымяняўся да кожнага чацвёртага затрыманага, прычым акты гвалту суправаджаліся абразамі і прыніжэннямі людзей", - падкрэсліў Сажын.

Асноўная частка затрыманых, паводле іх сведчанняў, не аказвалі пры гэтым аніякага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў: у шэрагу выпадкаў людзі стаялі з узнятымі рукамі, чым дэманстравалі, што гатовыя падпарадкавацца прадстаўнікам дзяржавы. Самі ж прадстаўнікі дзяржавы, паводле расійскага праваабаронцы, "у кожным шостым выпадку ўдзелу ў затрыманні не мелі знакаў адрознення і нават хавалі свае твары пад маскамі".

Факты гвалту

Як адзначыў Ігар Сажын, колькасць выпадкаў гвалту пры ўтрыманні схопленых у спецтранспарце, у месцах афармлення пратаколаў і ў судах крыху змяншалася, але істотна павялічвалася колькасць актаў прыніжальнага і жорсткага абыходжання з людзьмі.

Гэта пацвярджаецца дзеяннямі прадстаўнікоў улады, якія працяглы час утрымлівалі рэспандэнтаў у перапоўненым спецтранспарце, у прыніжальных позах - тварам да сцяны, заклаўшы рукі за спіну ці за галаву. Затрыманым не давалі магчымасці доступу да пітной вады, па шмат гадзінаў адмаўлялі ў магчымасці наведаць прыбіральню, не аказвалі дапамогі людзям з цяжкімі траўмамі, канстатаваў спадар Сажын. Такія факты, па словах Сажына, можна прыраўняць да катаванняў.

Судовыя беззаконні

Окно с тюремной решеткой
Праваабаронцы кажуць аб шматлікіх фактах здзекаў над затрыманымі 19 снежняФото: Flickr/joshstaiger

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на "канвеер" судовых працэсаў па адміністратыўных справах, нядопуск да працэсаў нават нанятых адвакатаў, сведкаў, якія б маглі выказацца на карысць затрыманых, шмат з якіх абсалютна выпадкова апынуліся ўвечары 19 снежня ў раёне вулічнай акцыі пратэсту. Сваякам многіх затрыманых больш за суткі не паведамлялі пра факт і месца іх знаходжання, што, на думку праваабаронцаў, ёсць здзекамі з іх блізкіх.

Па словах кіраўніка Цэнтра прававой трансфармацыі Алены Танкачовай, вынікі даследвання анкетаў затрыманых будуць прадстаўленыя для рэагавання ў адпаведныя дзяржаўныя структуры, каб "пазбегнуць падобнага падчас аналагічных мерапрыемстваў, якія маюць адбыцца ў будучыні".

Зварот да Мядведзева

Амбасада Расіі ў Беларусі перадала прэзідэнту Дзмітрыю Мядведзеву зварот сваякоў беларускіх палітзняволеных, паведаміў дарадца расійскага пасольства Вадзім Гусеў. 10 лютага прайшла сустрэча расійскага амбасадара Аляксандра Сурыкава з жонкамі вязняў следчага ізалятара КДБ экс-кандыдатаў у прэзідэнты Аляксея Міхалевіча і Мікалая Статкевіча, а таксама даверанай асобы экс-кандыдата Андрэя Саннікава Змітра Бандарэнкі.

У сваім звароце родныя палітвязняў просяць расійскага лідэра "зрабіць усё мажлівае, каб паразуміць беларускія ўлады, якія запусцілі махавік рэпрэсіяў, што сёння перамолвае лёсы тысячаў людзей у Беларусі". Ліст да Мядведзева падпісалі Ала Саннікава, Вольга Бандарэнка, Уладзімір Халіп, Люцына Бяльзацкая-Халіп, Дар’я Корсак (Атрошчанкава), Надзея Радзіна, Ульяна Кобец, Уладзімір Палажанка, Марына Адамовіч (грамадзянская жонка Мікалая Статкевіча), Міхаліна і Алена Міхалевіч, Зоя Яўменава, Марына Фядута.

Варта адзначыць, што днямі прэзідэнт Мядведзеў даручыў Міністэрству замежных справаў Расійскай Федэрацыі ўлічваць у сваёй пазіцыі меркаванні праваабаронцаў аб падзеях у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Выпадковы арышт?

Сотрудники ОМОНа оттаскивают мужчину в сторону
Выпадак Міхася Лебедзя паказвае, што затрымаць могуць і выпадковаФото: AP

Жыхар Мінску Міхась Лебедзь атрымаў дванаццаць сутак адміністратыўнага арышту. Такое рашэнне 8 лютага прыняў суддзя суда Маскоўскага раёна беларускае сталіцы Яўген Хаткевіч. Міхася Лебедзя звінавацілі ў тым, што ён нібыта браў удзел у несанкцыянаваным пікеце салідарнасці з затрыманымі падчас акцыі пратэста пасля прэзідэнцкіх выбараў, ладжаным актывістамі моладзевага дэмакратычнага руху яшчэ 20 снежня мінулага году на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Адміністратыўную справу Міхася Лебедзя суд разглядаў некалькі разоў з тае прычыны, што міліцыянты, якія на працэсе выступалі сведкамі, перманентна блыталіся ў сваіх паказаннях. Лебедзь давёў да суддзі, што накіраваў у пракуратуру скаргу на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пасля чаго ў судовым паседжанні быў абвешчаны перапынак да азнаямлення з высновамі пракурорскае праверкі.

Міхася Лебедзя затрымалі 20 снежня, калі мінчук накіроўваўся ў Чырвоны касцёл, які знаходзіцца на памянёнай плошчы. Пры затрыманні міліцыянты збілі мужчыну з ног, некалькі разоў ударылі дручкай, пасля заго закінулі яго ў "аўтазак". Супрацоўнікі ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, куды даставілі спадара Лебедзя, праз пэўны час былі змушаныя выклікаць "хуткую дапамогу", якая даставіла затрыманага і збітага чалавека ў клінічную лякарню.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Вікторыя Зарянка

Пропустить раздел Еще по теме