1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Дзеці Чарнобыля": сумесны праект Еўрасаюза, ЮНІСЭФ і Мінздрава Беларусі

15 декабря 2009 г.

У Беларусі стартуе ініцыяваны Еўрасаюзам, Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЭФ) і Міністэрствам аховы здароўя Беларусі двухгадовы праект "Дзеці Чарнобыля". Фінасаванне праекта ажыццяўляе Еўрапейскі Саюз.

https://p.dw.com/p/L3EG
Фото: Gennadii Konstantinow

Еўрапейскі Саюз сумесна з Дзіцячым фондам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ЮНІСЭФ) і Міністэрствам аховы здароўя Беларусі распачынаюць сумесны праект "Дзеці Чарнобыля", які будзе фінансавацца Еўрасаюзам, разлічаны на два гады. Праект распрацаваны сумесна прадстаўніцтвам ЮНІСЭФ у Беларусі і беларускім Міністэрствам аховы здароўя для далейшай падтрымкі папярэдніх фінансавых і сацыяльных укладанняў Еўрасаюза, агенцтваў ААН, ураду Беларусі ды іншых донараў у рамках праграмы "Супрацоўніцтва для рэабілітацыі" (CORE).

Мэты праекту

Паводле ініцыятараў праекту, асноўнай яго мэтай ёсць паляпшэнне якасці медычнага абслугоўвання немаўлятаў, дзяцей, моладзі і жанчын, што пражываюць на забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях Беларусі.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі і Украіне Жозэ Мануэль Пінту Тэйшэйра
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі і Украіне Жозэ Мануэль Пінту ТэйшэйраФото: Gennadii Konstantinow

Як адзначыў кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Беларусі і Украіне Жозэ Мануэль Пінту Тэйшэйра, Еўрапейскі Саюз пастаянна аказваў падтрымку Беларусі і іншым краінам, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, і дадзены праект ёсць працягам гэтага доўгатэрміновага супрацоўніцтва.

"Прыярытэтам працы Еўрасаюза ў гэтым рэгіёне застаецца падтрымка праграм у галіне аховы здароўя, у сферы аказання непасрэднай дапамогі асобам, пацярпелым у выніку гэтай трагедыі", - адзначыў прадстаўнік Еўракамісіі.

Матэр’яльны аспект

Па словах прадстаўніка Дзіцячага фонду ААН у Беларусі Юрыя Аксамітнага, значным кампанентам праекта з’яўляецца паляпшэнне матэр’яльна-тэхнічнай базы ўстановаў аховы здароўя. На закупку сучаснага медычнага абсталявання мяркуецца выдаткаваць больш за 450 тысяч еўра. Юры Аксамітны падкрэсліў, што важным накірункам праекта стане праца па фарміраванню здаровага ладу жыцця і прафілактыка шкодных звычак у падлеткаў і моладзі. У межах праекту будзе працягнута інфармаванне насельніцтва пра карысць йадзіраванай солі і пра станоўчыя наступствы яе ўжывання, асабліва дзецьмі і жанчынамі.

Міліцыянт каля плаката "Увага! Радыяцыйная небяспека"
Тут пачынаецца чарнобыльская зонаФото: RIA Novosti

Прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі дадаў, што яшчэ адной важнай мэтай праекту з’яўляецца садзейнічанне фарміраванню пазітыўнага і адказнага бацькоўства, накіраванае на паляпшэнне бацькоўскіх ведаў і навыкаў па дагладу за дзецьмі.

Рэгіёны рэалізацыі праекта

Кіраўнік аддзелу медычнай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Богдан паведаміла, што праект будзе ажыццяўляцца на тэрыторыі Гомельскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.

Паводле Богдан, калі абіралі ўстановы аховы здароўя для ўдзелу ў праекце, то падыходзілі да гэтага прынцыпова. У гэтых установах павінна быць засяроджана найбольшая колькасць жыхароў, якія пацярпелі ў выніку катастрофы на ЧАЭС. Новая тэхніка будзе перададзена ў пятнаццаць лякарняў і дамоў дзіцяці, якія ўдзельнічаюць у праекце, а медычнае і офіснае абсталяванне да канца году будзе перададзена "Цэнтры, сяброўскія моладзі".

Кампаненты праекту

Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі Юры Аксамітны
Прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі Юры АксамітныФото: Gennadii Konstantinow

Праект таксама ўтрымлівае адукацыйны кампанент для прафесіяналаў, што працуюць з дзецьмі, медсупрацоўнікаў і бацькоў. Асобныя групы медычных працаўнікоў пройдуць навучанне інавацыйным метадам па дагляду за нованароджанымі, а таксама па прафілактыцы і кансультаванню па праблеме ВІЧ/СНІД.

Напрыклад, ужо ў сёлетнім снежні каманда нацыянальных экспертаў правядзе семінар па рэпрадуктыўнаму здароўю дзяўчынак і хлопчыкаў, папярэджанню перадачы ВІЧ, наркатычнай і алкагольнай залежнасці сярод падлеткаў, развіццю адпаведных навыкаў у галіне кансультавання моладзі.

У 2010 годзе запланавана правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх кампаній, а таксама распаўсюд інфармацыйных і метадычных матэр’ялаў па тэматыцы "Усвядомленае бацькоўства" для бацькоў, адмыслоўцаў, якія працуюць з дзецьмі, і супрацоўнікаў дзіцячых садкоў на пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях.

Жозэ Мануэль Пінту Тэйшэйра паабяцаў, што і праз два гады, па заканчэнні гэтага праекта, супрацоўніцтва Еўрасаюза з Беларуссю па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай трагедыі будзе працягнута.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў, Мінск
Рэдактар: Марына Нікіціч

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще