Шурмей пра полк Каліноўскага: "Рэформы былі патрэбныя"
29 июля 2024 г.Выконваючым абавязкі камандзіра палка Кастуся Каліноўскага (ПКК), беларускага падраздзялення ў складзе УСУ, стаў Павел Шурмей (пазыўны "Дзядзька"). Пра гэта стала вядома 19 ліпеня. Шурмею 48 гадоў, ён былы беларускі вясляр, прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях 2004 і 2008 гадоў. З першых дзён поўнамаштабнай вайны ва Украіне ваюе ў ПКК. Быў паранены, мае ўзнагароды ГУР Украіны. У Беларусі і Расіі супраць добраахвотніка заведзеныя крымінальныя справы па артыкулах аб "экстрэмізме" і "наёмніцтве".
У першым афіцыйным звароце Шурмей паабяцаў правядзенне ў палку Каліноўскага рэформаў, якія павінны палепшыць эфектыўнасць ПКК.Частка ваяроў з такімі зменамі не пагадзіліся. У інтэрв'ю DW Павел Шурмей расказаў, чаму, на яго погляд, наспеў канфлікт і рэформы і што ён збіраецца памяняць у ПКК.
"Павага да ваяроў, камунікацыя, зваротная сувязь"
DW: Якія рэформы пачаліся ў палку, і чаму гэта выклікае непаразуменне ў часткі ваяроў?
Павел Шурмей: Рэформы былі патрэбныя даўно, яшчэ ў канцы вясны - пачатку лета 2022 года, пасля таго, як загінулі нашыя баявыя камандзіры, спачатку Паша "Волат", а пазней Ваня "Брэст". Калі фармаваўся спачатку батальён, а потым полк імя Кастуся Каліноўска, адбылося так, што хлопцы, якія мелі баявы досвед і насамрэч былі нашымі лідарамі, паехалі ў зону баявых дзеянняў. "Ваніш" і "Мікола", то бок Арцем Войніч і Мікалай Дземідзенка, узялі на сябе адміністратыўна-тылавую працу. Паша "Волат" і Ваня "Брэст" загінулі, а Войніч і Дземідзенка паціху сталі "шэрымі кардыналамі" (Дземідзенка ў інтэр'ю тэлеканалу "Белсат" заявіў, што ўжо больш за месяц не мае нікіх функцый ў ПКК і займаецца іншай працай. - Рэд.)
Батальён "Волат", які ад моманту свайго стварэння супрацівіўся гэтай манапалізацыі, на той момант быў на баявой працы за ўмоўныя 500 кіламетраў ад Кіева. Так, мы былі незадаволеныя, у нас былі спрэчкі, але мы займаліся баявой працай і неяк паўплываць не маглі.
Батальён "Тэрор", які быў сфарміраваны ў траўні 2022 года, сышоў з палка Каліноўскага ўжо праз некалькі месяцаў - у жніўні 2022. Гэта таксама сведчыла аб праблемах у палку, якія накопліваліся. Вырашаць іх трэба было яшчэ тады, але так сталася, што вырашэнне зацягнулася да вясны 2024 года.
- Што, на вашу думку, варта рэфармаваць?
- Першае - кіраўніцтва палка, каб была павага да ваяроў, камунікацыя, зваротная сувязь. Каб структура была зразумелай, каб кожны ваяр ведаў, хто і за што адказвае ў ПКК. Другое - зрабіць больш празрыстай справаздачнасць за фінансавую дапамогу, якую мы атрымлівалі і атрымліваем, якая нам вельмі патрэбна. Таксама рэкруцінг, які, на жаль, праз тое, што ідзе трэці год вайны, а таксама праз палітыку і дзеянні былога штабу, значна зменшыўся. Старыя ваяры сыходзяць з палка, новыя не прыходзяць. Трэба выпраўляць гэтую сітуацыю. Акрамя таго, трэба зрабіць больш эфектыўнай працу прэс-службы.
"Працуюць усе: і тыя, хто не задаволены рэформамі, і тыя, хто прагне рэформаў"
- У тэлеграм-канале палка 22 ліпеня прэс-служба зрабіла публікацыю, у якой, у прыватнасці сцвярджалася, што ПКК праз рэформы "губляе традыцыйныя элементы самакіравання" і "магчымасці паўнацэннага набору рэкрутаў". Наколькі можа быць аўтаномным падраздзяленне УСУ?
- Мы ваяры вайсковай часткі УСУ, але, паверце, мы маем нашмат больш аўтаноміі, чым некаторыя ўкраінскія падраздзяленні.
Што тычыцца рэкруцінгу, то ёсць жаданне зрабіць больш якасным адбор і падрыхтоўку рэкрутаў, каб чалавек мог выконваць баявыя абавязкі фізічна і маральна.
Што да дзеянняў прэс-службы. Амаль ўсе людзі, якія маюць дачыненне да прэс-службы палка, тыя, хто працуе ў ёй з самага пачатку вайны, хто падымаў усе нашыя сацыяльныя сеткі, тэлеграм-канал, YouTube, сайт, хто на фронце здымаў рэпартажы - усе на нашым баку. З другога боку - не зразумелыя мне людзі, якія прадстаўляюцца прэс-службай палка.
- Як вы бачыце перспектывы вырашэння канфлікту?
- Па-першае, полк Кастуся Каліноўскага выконваў і на дадзены момант выконвае баявыя заданні. Працуюць усе баявыя падраздзяленні палка: і тыя, хто не задаволены рэформамі, і тыя, хто прагне рэформаў. Працуем усе разам. Я маю надзею, што мы знойдзем, як мага хутчэй, выхад з гэтай сітуацыі, але, як я казаў ужо ў іншых інтэрв'ю, полк пазбаўляецца тых людзей, для каго наша агульная мэта і ідэя вызвалення Беларусі ператварылася ў нейкі камерцыйны ці ўласны праект.
"Мы ўсе аб'яднаныя адзінай агульнай ідэяй вызвалення Беларусі"
- 24 ліпеня было аб'яўлена аб стварэнні на базе ПКК грамадскага руху "Каліноўцы". Як вы ставіцеся да гэтай ініцыятывы?
- Я лічу, што, калі будзе грамадская арганізацыя, якая будзе дапамагаць не толькі палку Каліноўскага, але і іншым беларускім добраахвотнікам ва Украіне, ад гэтага ўсім будзе толькі лепш.
- Што можаце сказаць пра ўзаемадзеянне з беларускімі дэмсіламі: Аб'яднаным пераходным кабінетам, офісам Святланы Ціханоўскай? Здаецца, яго стала больш?
- Так, за мінулы год сітуацыя змянілася. Мы ўсе аб'яднаныя адзінай агульнай ідэяй вызвалення Беларусі, мы павінны шукаць агульную мову, павінны дамаўляцца, каб працаваць як мага эфектыўней усе разам.
"Вайсковая частка жадала б, каб беларусы атрымлівалі афіцэрскія званні"
- Як сёння арганізаваная рэабілітацыя параненых беларускіх добраахвотнікаў і падтрымка ветэранаў?
- На жаль, я таксама быў паранены. Скажу шчыра, у большасці выпадкаў мы атрымліваем усю патрэбную рэабілітацыю. Трэба разумець, раненні бываюць рознай цяжкасці, бывае, што медыцына робіць усё, але, на жаль, не можа вярнуць нас да таго стану, у якім мы былі да ранення. Але амаль што ва ўсіх выпадках украінскі бок робіць усё, каб мы аднавіліся.
Што да падтрымкі ветэранаў, гэта на сам рэч, складаны момант. Рэформы, якія зараз адбываюцца ў палку, будуць накіраваныя таксама на тое, каб наладзіць гэтую службу не толькі ва Украіне, а нават у Еўропе.
- Што робіцца для легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, напрыклад, атрымання ўкраінскага грамадзянства?
- Калі мы, беларусы, знаходзімся ва Украіне як ваеннаслужачыя ў шэрагах УСУ, мы атрымліваем вайсковы білет, гэта замяняе нам часовы від на жыхарства. З грамадзянствам не ўсё проста. Але з боку вайсковай часткі (ПКК ўваходзіць у склад Інтэрнацыянальнага легіёна ГУР Украіны. - Рэд.) ідзе праца ў гэтым накірунку.
Вайсковая частка жадала б, каб беларусы атрымлівалі афіцэрскія званні і самі кіравалі беларусамі. Але гэта магчыма, толькі калі мы будзем мець украінскае грамадзянства.
"Мы жадаем каб нашыя шэрагі сталі яшчэ большымі"
- Якая зараз колькасць людзей у палку?
- Мы жадаем, каб нашыя шэрагі сталі яшчэ большымі. Я чытаю шмат каментароў у беларускіх інтэрнэт-выданнях, у розных тэлеграм-каналах, дзе пытаюць, чаму вы, полк Каліноўскага, не ідзяце вызваляць Беларусь, а гінеце за інтарэсы Украіны? Першае і самае галоўнае, таму што, на жаль, нашы шэрагі не дастаткова вялікія. Калі б нам менш задавалі такіх пытанняў, а больш людзей далучылася да нас, то, хутчэй за ўсё, размова была б зусім іншая і пра наша самакіраванне ўнутры вайсковай часткі, і наогул аб паўнавартасных вайсковых падраздзяленнях беларусаў ва УСУ.
Мы не павінны чакаць, што Украіна, Еўропа ці Злучаныя Штаты нам дапамогуць. Так, магчыма, яны нам дапамогуць, але потым не надта будуць пытацца ў нас, чаго мы жадаем.