Як нямецкі актор выдаў альбом на вершы паэта з Беларусі
12 декабря 2024 г.Нямецкі актор Жан-Марк Біркхольц запісаў музычны альбом на вершы Алеся Разанава - паэта, вымушанага правесці частку свайго жыцця ў Германіі і Швейцарыі. Пагутарылі з акторам пра тугу па Беларусі, універсальнасць паэзіі Разанава і жаданне распавесці ў Германіі пра беларускага паэта.
"Гэта нагадала мне тугу па Беларусі"
DW: Як вы, актор з Германіі, прыйшлі да ідэі запісаць вершы беларускага паэта?
Жан-Марк Біркхольц: Прыкладна год таму я атрымаў праз інтэрнэт запыт ад даволі вядомага ў Беларусі музыкі Змітра Вайцюшкевіча. Ён спытаў, ці змог бы я прачытаць вершы Алеся Разанава па-нямецку, бо гэты паэт доўгі час жыў у выгнанні ў Германіі і Швейцарыі. Ён сказаў, што гэта было б добра для яго альбома, які ён на той момант запісваў па-беларуску. Нямецкую версію ён хацеў дадаць у якасці бонус-трэкаў. Ён даслаў мне некалькі вершаў на выбар.
Так што гэта ўсё - ідэя Вайцюшкевіча. Падаецца, першае, што я прачытаў з Разанава, быў верш "Von hier an" ("Адгэтуль"). І гэта так неверагодна нагадала мне тугу па Беларусі, адчуванне немагчымасці быць там, дзе хацелася б быць, дзе я хацеў бы быць.
Гэта выклікала ўва мне шмат пачуццяў, у тым ліку ў сувязі з сітуацыяй маёй жонкі (акторкі групы "Вольныя купалаўцы" Валянціны Гарцуевай. - Рэд.), якая ў дадзены момант не можа наведаць Беларусь. І гэта стала для мяне адной з галоўных прычын неадкладна пагадзіцца на гэты праект.
Мне вельмі спадабалася тое, што атрымалася, - музыка Вайцюшкевіча і мой голас, пакладзены на яе. Зміцер напісаў такую прыгожую, паэтычную музыку і выканаў яе са сваім "WZ-Orkiestra". Атрымалася вельмі гарманічна. Агулам узніклі шэсць вершаў.
"Паэзія Разанава ўніверсальная"
- Што вы ведалі пра паэта Разанава да таго, як пагадзіцца на ўдзел у праекце?
- Першы раз я пачуў пра Алеся Разанава, здаецца, у 2021 годзе, калі мая жонка разам з тэатральнай групай "Купалаўцы" зрабілі відэапраект з ягонымі вершамі. Ён атрымаўся вельмі прыгожым.
Паэзія Разанава ўніверсальная. Калі чытаеш ягоныя вершы, адчуваеш сувязь з радзімай, прагу да свабоды. Гэта ўніверсальныя пачуцці, уласцівыя шмат каму. Ягоныя назіранні за прыродай такія захапляльныя, такія паэтычныя і прыгожыя, што ты як чытач абавязкова знойдзеш там нешта блізкае і возьмеш штосьці для сябе. Усім яго творам уласцівая глыбокая чалавечнасць. Нездарма ягоная паэзія сусветна вядомая. З цягам часу ягоная мова рабілася больш густой, ён называў свае вершы "Пункціры". Яны былі вельмі падобнымі да хайку.
- А што блізкага для сябе вы ўбачылі ў ягоных вершах? Як вы праілюстравалі б тое, што назіраеце ў паэзіі Разанава?
- У ягоных вершах я рэдка бачу лета, хутчэй восень і зіму, а таксама - шмат адзіноты. Таму, чытаючы ягоныя вершы, я ўяўляю сабе чалавека, які - гэта толькі маё ўражанне і, магчыма, я памыляюся, бо не быў знаёмы з Алесем Разанавым асабіста - назірае за светам вельмі замкнёна, з пазіцыі інтраверта, які носіць цэлы свет унутры сябе. Таму што ён з такой дакладнасцю назірае за дробязямі, якія адбываюцца. Калі кроплі дожджу падаюць на ваду, ён называе гэта іглаўколваннем. Гэта такі прыгожы і трапны вобраз! Або калі дзяўчына паліць цыгарэту, то ён піша, што яна дзеліцца дымам і дыханнем з ветрам.
У мяне ёсць дзве ягоныя кнігі, на вокладцы адной з іх, калі прыгледзецца, можна ўбачыць сароку. І гэты гарэзлівы і поўны любові позірк Разанава на птушку таксама шмат што пра яго кажа.
- На ваш погляд, ягоная паэзія актуальная і цяпер - у часы, калі ў Еўропе ідзе вайна?
- Абсалютна. Я лічу, што ягоныя вершы - па-за часам. І думаю, што яны будуць жыць доўгі час пасля таго, як нас не стане. Прынамсі, яны па-ранейшаму будуць мець сваю каштоўнасць, і менавіта гэта робіць яго геніяльным паэтам. Я абсалютна перакананы, што вершы Разанава можна будзе чытаць у любую эпоху і знаходзіць у іх сябе.
"Адсутнасць агрэсіі - вось што мне так спадабалася ў беларусах"
- Вы так паэтычна распавядаеце пра Разанава, чый лёс быў звязаны і з Беларуссю, і з Германіяй. Вы таксама на працягу некалькіх гадоў жылі ў Мінску, да 2022 года. Узгадваеце той час?
- Я вельмі сумую па Беларусі. Я з тых людзей, якім вельмі патрэбная сувязь з іншымі людзьмі. Незалежна ад таго, дзе я знаходжуся, калі я сустракаю адкрытых людзей, у якіх адкрытае сэрца і розум, я адразу адчуваю іх блізкімі, а сябе - звязаным з імі. І гэта было першае, што я палюбіў у Беларусі, калі быў там.
Што цікава, маё знаёмства з постсавецкай прасторай, калі можна так сказаць, пачалося з Расіі, з Масквы. Там я здымаўся ў сваім першым фільме, а потым паехаў у Мінск, у Беларусь. І насамрэч - хоць мне падабаліся абедзве нацыі - я значна мацней адчуў сувязь з беларусамі. Я не магу гэтага патлумачыць, але людзі там зачаравалі мяне значна больш. Я нікога не хачу пакрыўдзіць, бо, вядома, сярод расіян таксама ёсць добрыя людзі. Але вось гэтая меланхолія, абарончы спосаб вядзення дыскусіі адно з адным, адсутнасць агрэсіі - вось што мне так спадабалася ў беларусах. Яны стрыманыя і пры гэтым вельмі разумныя.
За той час, што я жыў у Мінску, я знайшоў сяброў. Я вельмі сумую па іх і, шчыра кажучы, часам па балотных краявідах Беларусі. Там так шмат прыгожых месцаў! У сваіх вершах Разанаў апісвае тое, чаго яму не хапала, калі ён не мог туды вярнуцца. Ён апісвае, як цвітуць лугі, як ён бачыць кветкі… Калі я чытаў гэта, у мяне сапраўды былі слёзы на вачах, таму што гэта нагадвала мне знаёмую тугу. Я таксама сумую па гэтым.
- Каму вы найперш адрасуеце праект, у стварэнні якога паўдзельнічалі?
- Вядома, паколькі вершы гучаць на нямецкай мове, альбом непазбежна арыентаваны на нямецкамоўную аўдыторыю. Я пазнаёміўся з Алесем Разанавым, можна сказаць, выпадкова, праз творчасць маёй жонкі. Я б ніколі не даведаўся пра яго больш, калі б Вайцюшкевічу не прыйшла ў галаву гэтая ідэя.
Маё жаданне заключаецца ў тым, каб зрабіць Алеся яшчэ больш вядомым, чым ён ёсць, каб ягоная творчасць была жывой і захавалася ў памяці. Наш невялічкі альбом быў выдадзены 5 снежня, у 77-ы дзень народзінаў паэта, гэта было яго ўшанаваннем. Яму, канешне, не патрэбнае маё прызнанне. Але ён сапраўды варты гэтага. І маё вялікае жаданне, каб многія нямецкамоўныя слухачы даведаліся пра Разанава, звярнулі на яго ўвагу, магчыма, таксама набылі ягоную кнігу і прачыталі ды зразумелі ягоныя вершы, як я. Каб гэтая ідэя свабоды, якая адчуваецца ва ўсіх ягоных вершах, зрабіла людзей мужнымі і дазволіла ім адчуць, што заўсёды варта змагацца за тое, што адчуваеш, і не здавацца.