1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Якія словы беларусы пазычылі ў немцаў?

2 сентября 2023 г.

Гісторыя і геаграфічнае становішча беларускіх земляў спрыяла папаўненню беларускай мовы запазычаннямі з іншых моў. Нямецкая - не выключэнне. Пра гэта - у DW.

https://p.dw.com/p/4VqVN
Слова "ратуша" паходзіць ад нямецкага "Rathaus"
Слова "ратуша" паходзіць ад нямецкага "Rathaus"Фото: Boris Breytman/Zoonar/picture alliance

Друк, кірмаш, шыльда, мур - беларусы штодзённа ўжываюць нямецкія словы, нават не задумваючыся пра іх паходжанне. Паводле падлікаў лінгвістаў, у беларускай мове існуе да тысячы германізмаў. DW прапануе з імі пазнаёміцца. Штотыдзень, у суботу, у Telegram-канале DW Беларусь мы будзем распавядаць пра паралелі ў беларускай і нямецкай мове.

А напачатку - пра тое, як і калі германізмы траплялі ў беларускую лексіку і ў якіх галінах найбольш такіх запазычанняў.

Германізмы - адныя з найстарэйшых запазычанняў

Беларуская мова, як і нямецкая, адносіцца да сям'і індаеўрапейскіх моў, якія маюць агульнага продка - праіндаеўрапейскую мову. Таму беларуская мае пласт агульнай лексікі з іншымі індаеўрапейскімі мовамі. Напрыклад, слова "маці" гучыць падобна як па-беларуску, так і па-нямецку, і нават на хіндзі.

Агульную лексіку варта  адрозніваць ад запазычанняў, якія трапляюць у мову дзякуючы гістарычным, культурным, гандлёвым сувязям паміж народамі ды кантактам у розных сферах жыцця.

Германізмы - адзін з найбольш старажытных пластоў запазычанай лексікі ў беларускай мове. Некаторыя даследчыкі лічаць, што продкі беларусаў мелі кантакты з германцамі яшчэ ў гэтак званы праславянскі перыяд. Паводле мовазнаўцы, палітыка і дыпламата Пётры Садоўскага, сведчаннем гэтага могуць быць славянскія тапонімы (назвы геаграфічных аб'ектаў), якія сустракаюцца ў некаторых рэгіёнах Германіі. Адпаведна, і нямецкія словы ў той час траплялі да "будучых беларусаў".

Дамова з Рыгай і Гоцкім берагам

Многія германізмы пачалі распаўсюджвацца на беларускіх землях у ХІІІ стагоддзі - пасля падпісання ў 1229 годзе дамовы Полацку, Віцебску і Смаленску з Рыгай і Гоцкім берагам. Пагадненне фактычна паклала пачатак для актыўнага развіцця гандлю і міжнародных адносін на беларускіх землях. Напрыклад, чатыры разы на год нямецкія купцы маглі прыязджаць у Полацк на бязмытныя кірмашы.

Дарэчы, і само слова "мыто" (у значэнні "пошліна") - нямецкае і было зафіксавана ў дамове 1229 года. Ад "мыто" утварыліся  беларускія "мытня" і "мытны". Да гэта ж перыяду адносяцца і іншыя словы, звязаныя з гандлем: вага, шалі, рэшта.

Германізмы распаўсюджваліся і ў часы крыжацкіх паходаў: толькі ў другой палове ХІV стагоддзя крыжакі каля ста разоў нападалі на Вялікае княства Літоўскае.

Некаторыя нямецкія запазычанні трапілі ў беларускую мову праз польскую (малюнак, ланцуг, абцас, махляр, кафля) або ідыш (гандаль, рахунак, труна, хабар, гармідар).

У якіх галінах найбольш германізмаў?

Германізмы праніклі ў розных сферы: гандаль (кірмаш, кошт, цэнтнер, ліхвяр), ваенная справа (варта, пляц, штурм, куля), будаўніцтва (мур, дыля, клямар, цвік, цэгла, дах), кулінарыя (агурок, вафля, гатунак, цукар), вытворча-тэхнічныя тэрміны (абрыс, майстар, шпіталь, вагон, вентыль), побытавая лексіка (бутэрброт, гальштук), грамадска-палітычныя тэрміны (ратуша, герб, гетман), канцылярская лексіка (друк, фарба, пэндзаль) і іншыя.

У сваёй працы "Германізмы ў СМІ: этымалагічны і тыпалагічны аналізы (на матэрыяле тэлеперадачы "Аршанская бітва")" даследчыца Анастасія Нікановіч згадвае, што некаторыя запазычанні "траплялі ў беларускую мову без зменаў (пуд, шпат, шнур, абшлаг), аднак значная частка была адаптаваная мовай": некаторыя гукі сталі вымаўляцца па-іншаму або змянілася значэнне словаў. У якасці прыкладу яна прыводзіць слова андарак, якое ў беларускай мове азначае "саматканую паласатую або клятчастую спадніцу, якую даўней насілі жанчыны". Андарак утварылася ад нямецкага "Underrock" - "ніжняя спадніца". А слова цягнік, адзначае Нікановіч, - калька з нямецкага "Zug". "Дарэчы, само слова цуг у беларускай ужываецца ў значэнні "доўгі шэраг, чарада жывёл, машын і г.д., што рухаюцца адна за адной", - піша даследчыца.

Наколькі падобныя беларуская і нямецкая мовы

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще