1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

27 августа 2010 г.

Дакладчык па Беларусі ПАРЭ выказалася па праблеме прымянення смяротнага пакарання ў гэтай краіне, суды штрафуюць актывістаў за іх дзейнасць, Мінюст афіцыйна папярэдзіў ГА "БНФ "Адраджэньне".

https://p.dw.com/p/Oxpv
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Прадстаўніца Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Сініка Хурскайнен назвала крытэрыі, паводле якіх Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі можа быць вернуты статус спецыяльна запрошанага ў ПАРЭ, суды выраклі моладзевых актывістаў да буйных штрафаў за іх дзейнасць, Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла афіцыйнае папярэджанне Грамадскаму аб’яднанню "БНФ "Адраджэньне".

Смяротнае пакаранне як чыннік вяртання ў ПАРЭ

Ад адмены ці ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне, апроч іншага, будзе залежаць, ці адновіцца для беларускага парламента статус спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Пра гэта 24 жніўня ў Мінску заявіла дакладчык па Беларусі камісіі ў палітычных пытаннях ПАРЭ Сініка Хурскайнен. Паводле яе словаў, гэтае патрабаванне да беларускага боку з’яўляецца не адзіным, але галоўным. У ПАРЭ застаюцца пытанні да беларускіх уладаў па сітуацыі са свабодай сродкаў масавай інфармацыі, з правамі чалавека і дэмакратыі, адзначыла спадарыня Хурскайнен.

Руки заключенного за решеткой тюрьмы
Асноўнае патрабаванне ПАРЭ - адмена мараторыя на смяротнае пакараннеФото: AP

Дакладчык ПАРЭ знаходзілася ў Мінску з мэтаю падрыхтоўкі справаздачы пра сітуацыю ў Беларусі. Сініка Хурскайнен станоўча ацаніла працу Інфармацыйнага пункту Рады Еўропы ў беларускай сталіцы. "Мы бачым дыскусію на ўзроўні грамадства і парламента па пытанні смяротнага пакарання, і ўсё гэта ёсць пазітыўныя змены", - адзначыла Сініка Хурскайнен.

Штраф за друкаваную прадукцыю

Адміністратыўная камісія Ленінскага раёну Гродна аштрафавала намесніка старшыні "Маладога фронту" з гэтага абласнога цэнтра Алеся Кіркевіча на 875 тысяч беларускіх рублёў - каля 230 еўра ў пераліку за распаўсюд друкаванае прадукцыі ў рамках грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!". Маладзёна затрымалі яшчэ 3 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў, у той жа дзень пасля складання пратаколу міліцыянты правялі дагляд кватэры Кіркевіча.

Юнаку інкрымінавалі парушэнне часткі 2 артыкула 21 Кодэкса аб адміністратыўнах правапарушэннях "Парушэнне правілаў добраўпарадкавання, забеспячэння чысціні і парадку". Варта адзначыць, што маладафронтаўца нават не папярэдзілі пра месца і час паседжання адміністратыўнае камісіі, якая вынесла яму буйны штраф.

Штраф за малюнак на асфальце

Актывістаў таго ж "Маладога фронту" Рыгора Астапеню і Андруся Тычыну суд Салігорска ў Мінскай вобласці 24 жніўня аштрафаваў на 700 тысяч рублёў - больш за 180 еўра ў эквіваленце кожнага - за быццам бы непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Молодежь у фонтанов в центре Минска
Уладам не падабаецца конкурс малюнкаў на асфальцеФото: Viktoria Sarjanka

27 ліпеня, да 20-годдзя абвяшчэння Вярхоўным Саветам Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, моладзевыя актывісты меркавалі правесці конкурс малюнкаў крэйдаю на асфальце. Але праваахоўныя органы затрымалі патэнцыйных удзельнікаў мерапрыемства. Сярод схопленых міліцыянтамі, апроч згаданых вышэй Астапені і Тычыны, былі таксама маладафронтаўцы Іван ды Ілля Шылы. Суд над імі перанесены на больш позні тэрмін, бо абодва браты зараз знаходзяцца ў ад’ездзе.

Папярэджанне "Адраджэньню"

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь вынесла пісьмовае папярэджанне Грамадскаму аб’яднанню "БНФ "Адраджэньне". Фармальнай падставаю для такога кроку міністэрства сталася скарга невядомай жыхаркі Бабруйска ў Магілёўскай вобласці, якая нібыта сцвярджала, што яе вылучылі ў склад выбарчай камісіі ад Магілёўскай абласной арганізацыі ГА "БНФ "Адраджэньне" без яе на тое згоды.

Грамадскае аб’яднанне называе гэты выпадак свядомай правакацыяй уладаў, якія "рукамі ідэалагічнага аддзелу Бабруйскага выканкаму і Міністэрства юстыцыі імкнуцца зачысціць грамадска-палітычнае поле ды ўзмацніць ціск на дэмакратычнае грамадства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў". Пасля двух афіцыйных папярэджанняў з боку дзяржаўных органаў цягам году дзейнасць любога грамадскага аб’яднання ці палітычнай партыі ў Беларусі можа быць прыпыненая праз суд.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще