1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

7 января 2011 г.

У праваабаронцаў у выніку ператрусу канфіскавалі аргтэхніку, па ўсёй краіне працягваюцца вобшукі ў актывістаў дэмакратычнага руху, АБСЕ патрабуе спыніць пераслед журналістаў у Беларусі.

https://p.dw.com/p/zuSi
Символ правосудия - молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

Падчас ператрусу ў офісе Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) спецслужбоўцы канфіскавалі аргтэхніку і носьбіты інфармацыі. У рэгіёнах Беларусі і ў сталіцы працягваюцца вобшукі ў грамадскіх актывістаў і допыты. Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) патрабуе неадкладна спыніць пераслед беларускіх журналістаў.

Ператрус у БХК

5 студзеня ў офісе Беларускага Хельсінскага камітэту адбыўся ператрус, які праводзілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі (КДБ). Як вынікала з ордэра КДБ, ператрус ладзіўся ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай па факце масавых беспарадкаў у беларускай сталіцы 19 снежня 2010 году.

Кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла паведаміў журналістам, што з офісу арганізацыі забралі два кампутары і ўнутраны сервер грамадскага аб’яднання. Пасля супрацоўнікі КДБ скіраваліся на кватэру старшыні БХК Алега Гулака, дзе таксама адбыўся ператрус.

Нагадайма, што раней ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі і носьбітаў інфармацыі адбыліся ў офісе Праваабарончага цэнтру "Вясна", а таксама ў кватэрах праваабаронцаў Алега Волчака, Алены Танкачовай ды іншых.

Трасуць усю краіну

Глава БХК Олег Гулак (в центре)
Лідэр БХК Алег Гулак (у цэнтры) паведаміў пра ператрусы у офісе і ягонай кватэрыФото: DW

Ператрусы ў офісах дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, у кватэрах грамадскіх актывістаў, а таксама іх допыты штодня праходзяць літаральна па ўсёй Беларусі. Так, увечары 4 студзеня прадстаўнікі КДБ па Мінску і Мінскай вобласці правялі ператрус у кватэры аднаго з лідэраў беларускага прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева. Быў сканфіскаваны сістэмны блок кампутара, а самога прадпрымальніка выклікалі на допыт у КДБ.

У той жа дзень ператрус адбыўся ў кватэры праваабаронцы Насты Лойкі, які ладзілі тры супрацоўнікі КДБ. Пасля ператрусу дзяўчыну адвезлі на допыт у якасці сведкі ў рамках крымінальнай справы па падзеях 19 снежня. Ператрусы адбыліся таксама ў кватэрах моладзевых актывістаў Андрэя Прасняка і Аляксандра Пяткевіча, у якіх таксама сканфіскавалі кампутары ды іншыя носьбіты інфармацыі.

5 студзеня ператрус адбыўся ў вёсцы Малінаўка ў хаце, дзе пражывае кіраўнік сталічнага штабу былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Яўген Афнагель, якога ў той момант не было дома. У выніку сканфіскаваныя відэакамера і вінчэсцеры ад кампутараў. У Слуцку супрацоўнікі КДБ і міліцыі ў рамках згаданай крымінальнай справы правялі вобшукі ў кватэрах грамадскіх актывістаў Віталя Амяльковіча і Дзяніса Балакіра, хоць абодва не ўдзельнічалі ў акцыі 19 снежня ў Мінску, бо ў той час знаходзіліся на слуцкіх выбарчых участках у якасці назіральнікаў.

Схіленне да паказанняў

5 студзеня на допыт у КДБ былі выкліканыя актывісты зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Мікалай Дземідзенка і Валеры Мацкевіч. Іх дапытвалі ў якасці сведкаў па крымінальнай справе па падзеях 19 снежня.

Як паведамілі актывісты, большасць пытанняў, што ім задавалі, тычылася не акцыі пратэсту, але дзейнасці арганізацыі, якую прадстаўляюць маладзёны, а таксама кіраўнікоў "Маладога фронту". Па словах актывістаў, падчас амаль пяцігадзіннага допыту супрацоўнікі КДБ імкнуліся схіліць іх да дачы паказанняў супраць іхніх сяброў і паплечнікаў.

Заклік АБСЕ

Белорусская журналистка Наталья Радина
Наталля Радзіна - адна з беларускіх журналістаў, якіх пераследуюць улады

Прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч накіравала ліст міністру замежных справаў Беларусі Сяргею Мартынаву, дзе заклікала беларускія ўлады спыніць пераслед незалежных медыяў і тэрмінова вызваліць усіх затрыманых журналістаў. Дуня Міятавіч у сваім допісе выказала занепакоенасць "беспрэцэдэнтнай хваляй гвалту, запалохвання, арыштаў і пераследу журналістаў, якая пачалася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня".

У лісце Мартынаву прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ згадала арыштаваных карэспандэнта расійскай "Новой газеты" Ірыну Халіп і рэдактара сайта "Хартыя-97" Наталлю Радзіну, якім выстаўленыя абвінавачанні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках і якім пагражае да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Дуня Міятавіч таксама прыгадала і ператрусы, якія праваахоўныя органы правялі ў рэдакцыях незалежнай газеты "Наша ніва", "Еўрапейскага радыё для Беларусі", тэлеканала "Белсат", а таксама ў кватэрах шэрагу журналістаў недзяржаўных выданняў, у якіх адабралі персанальныя кампутары, носьбіты інфармацыі ды іншую тэхніку.

Дуня Міятавіч настойліва патрабуе ад уладаў Беларусі спыніць "гэтыя варожыя дзеянні супраць незалежных СМІ і тэрмінова вызваліць Ірыну Халіп і Наталлю Радзіну з турмы".

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Юлія Сяткова

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще