Лідэры АГП праінфармавалі расіян пра сітуацыю ў Беларусі
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і ягоны намеснік Яраслаў Раманчук далі інтэрвью расійскім і замежным СМІ, а таксама сустрэліся з кіраўніцтвам расійскага Саюзу правых сілаў.
Падрабязнасці візіта DW-RADIO паведаміў Анатоль Лябедзька:
“У нас прайшлі кансультацыі з Саюзам правых сілаў на прадмет нашага супрацоўніцтва. Нягледзячы на пэўныя праблемы і цяжкасці, якія ў іх ёсць, мы застаемся партнёрамі і арыентуемся на супрацу. Мы абмяркоўвалі магчымасць удзелу нашых людзей у рэгіянальных выбарчых кампаніях, якія будуць у іх увосень.
Мы дамовіліся на іх прыезд у Беларусь на час школ, чым займаецца Яраслаў Раманчук і ягоны Цэнтр Мізэса. Гэта будуць цікавыя людзі, якія працавалі ў расійскім урадзе, якія будуць даваць свой аналіз таго, што сёння адбываецца ў Расіі, а таксама перспектываў беларуска-расійскіх адносінаў.
Канешне, яны не з’яўляюцца партыяй улады ці партыяй ля ўлады, але з ідэалагічнага пункту гледжання гэта наш парнёр. Яны вельмі жорстка ацэньваюць тое, што робяць беларускія ўлады, і салідарныя з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі”.