Лёс "Народнай волі" вырашыць штрых-код
26 ноября 2008 г.Пра тое, што можа перашкодзіць чытачам набыць выданне ў шапіках ужо ў наступны чацвер, DW-RADIO распавёў галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч.
"Мне тэлефанавалі з Еўрапейскай Камісіі і пыталіся, і я адказаў, што ад мяне гэта не залежыць. Трапіць у чацвер газета ў шапікі ці не трапіць – сам яшчэ не ведаю, таму што ўсплыло такое тэхнічнае пытанне, як штрых-код, - кажа Іосіф Сярэдзіч. Па ягоных словах, яшчэ тры гады таму, калі газета друкавалася на Беларусі і распаўсюджвалася праз шапікі, гэтае праблемы не існавала.
"Сёння мы страцілі штрых-код, які ўстанаўліваецца ў штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы. Мы ўжо падключылі французскую амбасаду, нам паабяцалі, што яны, можа, паскораць сам працэс, але не могуць вырашыць пытанне аператыўна, напрыклад, сёння", - падкрэсліў галоўны рэдактар "Народнай волі".
На пытанне, ці без штрыхкода "Белсаюздрук" возьме газету для распаўсюду, Іосіф Сярэдзіч адказаў, што ён ужо падпісаў дамовы з гэтай арганізацыяй, з "Белпоштай" і з друкарняй.
"Улады сёння гавораць: мы далі "дабро". Астатняе мусіце вырашаць вы – два гаспадарчых суб’екты ці пятнаццаць гаспадарчых суб’ектаў, бо газета павінна распаўсюджвацца таксама ў рэгіёнах, - адзначыў Іосіф Сярэдзіч. - Але ж існуюць яшчэ і бюракратычныя парогі". (гк)