Караткевіч як веліч эпохі
28 июля 2008 г.“Дзікае паляванне Караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “Каласы пад сярпом тваім”… Гэтыя ды шматлікія іншыя творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя многім як беларусам, гэтак і прыхільнікам творчасці Майстра ў замежжы. Многія з гэтых твораў Караткевіча, які зусім не быў аблашчаны савецкай уладай, нават у тыя складаныя часы былі экранізаваныя і палюбіліся гледачу.
Караткевіч – гэта цэлая эпоха
“Уладзімір Караткевіч і нацыянальная ідэя, Беларусь і ўсё, што звязана з нацыянальнай культурай, адраджэннем, - гэта паняткі непадзельныя, - адзначыў намеснік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня” Мікола Купава. – Ён сваёй творчасцю даў магутны штуршок розным іншым творцам, як кампазітарам, стваральнікам кіно, іншым відам мастацтва. Уладзімір Караткевіч – гэта цэлая эпоха”.
“Ён верыў у Беларусь, верыў, што яна абудзіцца, устане да новага жыцця, і працаваў для гэтага, - адзначыў Арсен Ліс, які быў рэдактарам першай кнігі Караткевіча “Матчына душа”. – Сваімі гістарычнымі раманамі, аповесцямі, у сваёй паэзіі, у якой ён таксама быў беспадобны, нават сусветную, культуру, помнікі культуры ён асэнсоўваў у беларускім кантэксце, кантэксце рэалій нашага жыцця. Я думаю, што сёння маладыя пакаленні вучацца на яго творчасці годнасці, дастойным адносінам да сваёй радзімы, да свайго народа”.
І гэтак многа ведае, каб жыць…
Сябра пісьменніка, старшыня Міжнароднай федэрацыі беларусістаў прафесар Адам Мальдзіс адзначыў, што і зараз улады не заўжды годна ставяцца да памяці слыннага сына Беларусі:
“Вельмі дрэнна, што з таго месца, дзе стаяла хата Караткевічаў, дзе ён нарадзіўся, у іншае месца перанесены помнік. Яго сябры пераконвалі аршанскія ўлады, што паколькі там будзе дзіцячы парк, то назваць гэты парк паркам імя Караткевіча, і тады гэты помнік арганічна ўпішацца ў гэты дзіцячы парк. Але нас па розных прычынах не паслухалі”.
Пры канцы ўрачыстае вечарыны сябры “Моладзі БНФ” усклалі на магілу Уладзіміра Караткевіча снапок каласоў з бел-чырвона-белай стужкай, а паэт Уладзімір Някляеў прачытаў прысвечаны Караткевічу верш “Хадок”, які завяршаецца радкамі:
Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці...
Ён ведае так мала, каб памерці,
І гэтак многа ведае, каб жыць.