БАЖ патрабуе расследавання ўсіх абставінаў знікнення журналіста Змітра Завадскага
30 июня 2006 г.Праўленне грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” прыняла заяву з нагоды шостай гадавіны знікнення журналіста Змітра Завадскага. Сябра БАЖу, аператар расійскага тэлеканалу ОРТ знік 7 ліпеня 2000 году. У заяве беларускіх журналістаў, у прыватнасці, адзначаецца: “Усе гэтыя гады праваахоўчыя органы Беларусі, дэманструючы надзвычайную бездапаможнасць, так і не далі адказу на пытанні: хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, што насамрэч здарылася са Змітрам і дзе шукаць яго сляды”. Нагадайма, што 31 сакавіка 2006 году папярэдняе следства па справе аб знікненні Завадскага было чарговым разам прыпыненае Пракуратурай Рэспублікі Беларусь. У звязку з гэтым БАЖ, выказваючы думку больш як тысячы сваіх сябраў, настойліва патрабуе ад кампетэнтных праваахоўчых органаў аднавіць і правесці ў поўным аб’ёме расследаванне ўсіх абставінаў знікнення журналіста Змітра Завадскага.