1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Аляксандр Мілінкевіч зноў плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах

14 января 2009 г.

Пасля афіцыйнай рэгістрацыі ў Мінюсце Рух "За свабоду" актывізаваў сваю дзейнасць, а яго лідэр, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч, зноў мае намер узяць удзел у выбарах кіраўніка дзяржавы.

https://p.dw.com/p/GYVe
Лідэр Руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч
Лідэр Руху "За свабоду" Аляксандр МілінкевічФото: AP

Ачолены экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам Рух "За свабоду" пасля атрымання афіцыйнай рэгістрацыі ў Мінюсце актывізуе сваю дзейнасць, а сам палітык збіраецца зноў выстаўляць сваю кандыдатуру на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта кіраўніцтва руху заявіла ў сераду на сустрэчы з журналістамі, якая адбылася ў Мінску.

Як адзначыў Аляксандр Мілінкевіч, сёння ачолены ім Рух “За свабоду” складаецца як з простых людзей, якія не з’яўляюцца сябрамі палітычных партыяў і іншых грамадскіх аб’яднанняў, так і з ужо актыўных грамадзян, што маюць пэўную партыйную прыналежнасць. Намеснік кіраўніка аб’яднання Віктар Карняенка, напрыклад, ёсць актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а другі намеснік Юрась Губарэвіч – віцэ-старшынём Партыі БНФ.

Вяртанне ў Еўропу

Сваю працу рух ладзіць не па вертыкальным, але па гарызантальным прынцыпе. Па словах Мілінкевіча, Рух "За свабоду" – гэта не жорсткая арганізацыя з мэтай, абавязковай для ўсіх сяброў, з жорсткай дысцыплінай, як гэта абавязкова ў палітычных партыях. У руху выкарыстоўваюцца формы супрацоўніцтва і каардынацыі дзейнасці, і "што вельмі важна - гэта дапамагаць людзям у самаарганізацыі, каб людзі маглі самі адстойваць свае правы".

Што да асноўных задач арганізацыі, то, як заявіў яе лідэр, галоўная мэта – гэта шлях Беларусі ў Еўропу. "Мы не гаворым "еўраінтэграцыя", таму што многія разумеюць гэта як уваходжанне ў Еўрасаюз, а гэта сёння немагчыма, - кажа Аляксандр Мілінкевіч. - Але б мы хацелі, каб не толькі ўлады супрацоўнічалі з Еўропай і гаварылі, што трэба зрабіць, каб нашы кантакты былі шырэйшыя, больш актыўныя, карысныя для людзей. Мы хочам, каб і наша грамадства сваім поглядам, сваім дзеяннем вярталася ў Еўропу".

Разумны апанент уладаў

Намеснік старшыні арганізацыі Віктар Карняенка адзначыў, што Рух "За свабоду" не пазіцыянуе сябе як безумоўную жорсткую пазіцыю дзейнаму кіраўніцтву Беларусі. "Мы не заяўляем, што мы ёсць апаненты ўлады, таму што ўлада такая-сякая. Мы кажам: калі ёсць нешта, што нас аб’ядноўвае, а па некаторых пытаннях у нас ёсць і агульнанацыянальны кансенсус, напрыклад, візы, - мы гатовы супрацоўнічаць", - заявіў Віктар Карняенка.

Юрась Губарэвіч адзначыў важнасць шматлікіх паездак і сустрэч кіраўніцтва руху з насельніцтвам у рэгіёнах Беларусі, якія праходзілі6 нягледзячы на шматлікія перашкоды з боку мясцовых уладаў. Па словах Губарэвіча, перашкаджалі тым камандам, якія ехалі разам з Аляксандрам Мілінкевічам. "Усе вы памятаеце пра выпадкі з парэзанымі коламі: 29 аўтапакрышак былі парэзаныя за першую палову 2008 года", - нагадаў намеснік старшыні Руху "За свабоду".

Прэзідэнцкія намеры

Аляксандр Мілінкевіч не ўпэўнены, што на наступныя прэзідэнцкія выбары апазіцыя здолее выставіць адзінага дэмакратычнага кандыдата. Па словах Мілінкевіча, нават у АДС могуць з’явіцца меркаванні, якія будуць скіраваныя ў бок Расіі на далейшую пабудову саюзнай дзяржавы, таму вельмі важна, каб прабеларускія, пранезалежніцкія і праеўрапейскія сілы аб’ядналіся, разумеючы сваю адказнасць за будучыню Беларусі.

Паводле Мілінкевіча, ён збіраецца ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. "Але калі я ўбачу, што ёсць лепшы чалавек, які мае больш шансаў, і якога падтрымлівае больш шырокае кола грамадзян, я стану побач, буду працаваць на яго і выканаю гэтыя свае словы", - заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Хто падтрымае Рух?

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, Руху "За свабоду" і яго лідэру ў прыватнасці цяжка будзе разлічваць на падтрымку з боку суб’ектаў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Паводле эксперта, у партыях ёсць пэўная крыўда на Мілінкевіча за тое, што пэўны час таму ён вельмі рэзка выказаўся на адрас тытульнай апазіцыі. Думка была такая, што апазіцыя шмат у чым сама вінаватая, што Еўропа перастала разлічваць на яе ў той ступені, як раней.

Да таго ж, па словах аналітыка, застаецца пытанне, ці зможа арганізацыя Мілінкевіча стаць па-сапраўднаму масавым рухам.

"Грамадства дэпалітызаванае, улады адбілі ахвоту да палітыкі, а зараз гэтыя крызісныя з’явы клічуць насельніцтва не на барыкады, а, хутчэй, бегаць па крамах і абменніках і займацца пытаннямі асабістага самавыжывання", - мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще